25 мая ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі Yes to Life («Так жыццю») прыняў папа Францішак. На аўдыенцыі прысутнічалі таксама прадстаўнікі Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Міжнародная канферэнцыя, прысвечанай тэме абароны і спадарожнічання дзецям, у якіх яшчэ да нараджэння былі дыягназаваны сур’ёзныя захворванні, была арганізавана ватыканскай Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця і праходзіла з 23 па 25 мая з удзелам прадстаўнікоў епіскапатаў 70 краін.

Святога Айца прывітаў прэфект дыкастэрыі кардынал Кэвін Фарэл, пасля чаго Папа звярнуўся да прысутных.

На пачатку Пантыфік адзначыў, што «чалавечае жыццё святое і непарушнае» і «належыць з усёй моцай супрацьстаяць выкарыстанню прэнатальнага дыягназу ў мэтах селекцыі».

Папа падкрэсліў, што «аборт ніколі не з’яўляецца адказам, якога шукаюць жанчыны і сем’і»: «гэта хутчэй страх перад хваробай і самотнасцю вылікае ваганні бацькоў». Абарона кожнага жыцця, па словах Святога Айца, з’яўляецца чалавечым абавязкам — значыць тым, які вынікае з факту, што мы людзі, а не з факту, што мы веруючыя.

Пантыфік звярнуў увагу, што кожнае дзіця, якое пасяляецца ва ўлонні маці, «з’яўляецца дарам, які змяняе гісторыю сям’і; бацькі і маці, дзядуляў, бабуляў і родных». І гэтае дзіця «мае патрэбу ў тым, каб яго прыняць, любіць і лячыць, заўсёды».

Па словах Папы, хоць «у грамадскім вымярэнні страх і варожасць да няпоўнаспраўнасці вядуць часта да выбару аборту, прадстаўляючы гэта як прафілактычную практыку», аднак «навучанне Касцёла ў гэтым пытанні яснае: чалавечае жыццё заўсёды святое і непарушнае».

Як заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла, ніколі нельга лічыць непатрэбным лячэнне дзіцяці, якое можа хутка памерці, бо жыццё святое і «апека над гэтымі дзецьмі дапамагае бацькам перажыць жалобу і адчуваць яе не толькі як страту, але і як этап шляху, пройдзенага разам».

Пасля благаслаўлення, якое ўдзяліў Святы Айцец, кожны з прысутных меў магчымасць непасрэдна сустрэцца з ім і паразмаўляць.

http://www.catholic.by