А Бог паслаў мяне матулі з татам,
Каб у гэты свет я радасць толькі нёс.
Маё з’яўленне пэўна будзе святам.
Убачу дом у засені бяроз.


Не ведае яшчэ дакладна мама,
Што я пад сэрцам у яе жыву.
Ды будзе рада, тата з ёй таксама.
Закруціць ім ад шчасця галаву.
Мінаюць хутка тыдні і гадзіны,
А я расту, душа ў мяне свая.
Чакаю, калі назавуся сынам
І стане большай нашая сям’я.
А маё цельца хутка падрастае,
Я ўжо крыху і рухацца магу.
Часамі нават роцік адкрываю
І набіраю хутка я вагу.
Нарэшце ведае мая матуля,
Што хутка я прыйду ў гэты свет.
А вечарам мяне яна атуліць.
Так марыць тату расказаць сакрэт.
Я адчуваю, любіць мяне мама,
З прыгожых слоў спляла яна вянок:
— Ты, чалавек маленькі, любы самы,
Чакаю вельмі я цябе, сынок!
Чакай мяне! І буду я старацца
Расці хутчэй, убачыць каб цябе.
І сынам любым каб хутчэй назвацца,
Суцешыць каб у горы і журбе.
Ты мяне, мама, называеш сонцам
І для мяне гатова ўсё аддаць.
Я вырасту і стану абаронцам,
Каб з татам вас заўжды абараняць.
І будзе, мама, у нас свая праграма,
Апору ў жыцці ты будзеш мець.
З табою разам пойдзем мы ў краму,
А з татам будзем мы футбол глядзець.
А я тым часам падрастаю болей,
І ножкамі магу перабіраць.
Растуць пазногці ў мяне паволі,
У рэбры маме стаў я грукатаць.
А мама шчыра вобраз мой стварае
І марыць пад птушыны перазвон.
Старанна мама імя выбірае.
Ды як назваць: Уладзік ці Антон?
А сёння мама тату расказала,
Што будзе большай нашая сям’я,
Што сэрцам сваім шчыра адчувала,
Прыйду ў гэты свет ужо хутка я.
Упэўнен я, узрадуецца тата,
Бо разам нас цікавіць будзе спорт.
Навіна гэта ў хаце будзе святам,
А тата кажа слова дзіўнае — аборт.
Не чуў ніколі гэта слова,
Тата імя пэўна прапанаваў.
Ды толькі мама ўжо расплакацца гатова,
Мабыць, імя не тое ён назваў.
А сёння з мамай крочым у бальніцу.
Відаць, вельмі цікава стала ёй
Ці добра я паспеў ужо развіцца,
А я магу варочаць галавой.
Ды не хвалюйся, мама, я ўжо вялікі,
Жаданне глянуць на мяне спатоль.
Што чую я? Матулі маёй крыкі.
А маё цела агарнуў нясцерпны боль.
Здаецца, доктар ножку вырывае,
Цяпер прыйшла чарга правай рукі.
Адчуў раптоўна, што я паміраю.
За што вы так са мной, мае бацькі?
Патрабаваў ад вас зусім нямнога
І да жыцця рабіў я прагна крок.
Цяпер душа мая ідзе да Бога.
Не назавуць мяне болей «сынок».
Марта Мацкевіч