Малітва бацькоў у інтэнцыі зачатага дзіцяці
Марыя, Маці добрай рады, Цябе прашу аб дапамозе, каб зачатае дзіця стала радасцю нашага дома, народа і Касцёла. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва маці ў благаслаўлёным стане
Умілаваны Нябесны Ойча, дзякую Табе, што даў мне ласку насіць пад сэрцам дзіця і даць яму жыццё. Ты даверыў мне таямніцу жыцця і за гэта я прагну праслаўляць Цябе.
Дазволь мне дзякаваць Табе за гэты вялікі дар. Асвяці ахвяру маіх намаганняў, стань пры мне ў цяжкую хвіліну, дапамажы мужна вытрываць і нарадзіць здаровае дзіця. Разам з мужам мы давяраем яго Тваёй айцоўскай любові і прымем усё, што давядзецца нам выканаць і выцерпець.
Дай мне, Божа, добрыя, чыстыя думкі, каб я жывіла зачатае дзіця не толькі сваёю крывёю, але таксама Тваёю ласкаю, любоўю і сапраўднаю радасцю.
Не дазволь нам ніколі забыць, што гэтае дзіця было даверана нам Табою і павінна стаць дзіцем Божым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
* * *
Маці Езуса, Ты – Маці таго, хто з’яўляецца жыццём. Ты – Маці жыцця. Бог у сваёй усемагутнасці ўчыніў так, што я таксама нашу ў сабе жыццё і павінна даць яго свету.
Колькі таямніцы ў тым, што паўстае новае чалавечае жыццё, колькі трэба дапамогі Божай, каб гэтае жыццё развівалася ў бяспецы!
Прашу Цябе, Маці, дапамажы, каб я штораз лепш разумела сваё пакліканне да мацярынства як годнасць і адказнасць і каб за гэта была ўдзячная Богу.
Сардэчна прашу, памятай пра мяне і пра ўсіх маці, якія чакаюць нараджэння свайго дзіцяці, і выпрасі для нас шчодрую дапамогу неба.
Божа, наш Ойча, адары маё дзіця самымі прыгожымі зямнымі і нябеснымі дарамі, каб тут, на зямлі, яно прыносіла Табе хвалу, а для нас было крыніцай радасці. Маці Найсвяцейшая, Ты сама спазнала радасць мацярынства, навучы мяне рабіць усё так, каб не ўчыніць крыўды свайму дзіцяці. Выпрасі для мяне цноту цярплівасці і мужнасці, каб дзеля майго дзіцяці я змагла вытрываць усе цяжкасці. Амэн.
Добавить комментарий